Сёння 10 лютага
Грамадзтва

Людзі веры ў ЛГБТ супольнасьці: пераадоленьне біпалярнасьці (на прыкладзе брытанскага досьведу)

Людзі веры ў ЛГБТ супольнасьці: пераадоленьне біпалярнасьці (на прыкладзе брытанскага досьведу)

(Пашыраная вэрсія дакладу для V Беларускай ЛГБТ канфэрэнцыі - Менск, 26.09.2009)

Біпалярнасць у маім разуменьні ня мае дачыненьня да біпалярнага афэктыўнага захворваньня, а азначае сітуацыю двух полюсаў, якія, хоць і належаць да аднога цэлага, знаходзяцца адзін ад другога на максімальна магчымай дыстанцыі - як у нашай плянэты.

Людзі веры ў ЛГБТ супольнасьці: пераадоленьне біпалярнасьціКанструяваны характар нашай ідэнтычнасьці

У мінулым красавіку Месяц супраць гамафобіі ў Беларусі пачаўся з паказу дакумэнтальнага фільму пра амэрыканскіх хрысьціянаў-геяў і лесьбіянак, якія змарнавалі гады свайго жыцьця і шмат грошай на тое, каб стаць гетэрасэксуаламі.

Так званая рэпаратыўная тэрапія не спрацавала ў іх выпадках, і фільм расказваў кранальныя гісторыі іх жыцьцяў. Думаю, арганізатары Месяца не плянавалі нічога сымбалічнага ў той вечар і мне выпаў гонар патлумачыць прысутным, што тэмай падзеі будуць людзі, якія вельмі часта маргіналізаваныя ў самой ЛГБТ супольнасьці.

Гэта стала добрай нагодай, каб прыгадаць самому сабе і паспрабаваць сказаць маім "тэматычным" братам і сёстрам пра тое, што любыя аб'яднаньні, групы і супольнасьці - нават самыя маргіналізаваныя і перасьледаваныя, - здольныя заплюшчваць вочы і пагарджаць тымі, хто па нейкай прычыне ня ўпісваецца ў спантанна, калегіяльна і няўсьвядомлена створаныя мадэлі ідэнтычнасьці, мысьленьня й паводзінаў. Гейская супольнасьць не выключэньне - у ёй адбываліся і будуць адбывацца тыя самыя працэсы, што і навонкі, бо тыя самыя антрапалягічныя мэханізмы ляжаць у аснове ўсіх нашых узаемадзеяньняў.

Ніводная група не ізаляваная ад вонкавага сьвету і таму ня можа да канца кантраляваць уласнае ідэнтычнасьці. Тое, што звонку, уплывае на тое, чаму мы надаем увагу і з чым змагаемся, уплывае на мову, жаданьні й г.д. Часта гэты ўплыў праяўляецца як рэакцыя на нешта, напрыклад крытыку ці канцэптуалізацыю нас саміх тымі, хто ня мае да нас простага дачыненьня. Думаю, абсалютная большасьць з тут прысутных пачулі ўпершыню нешта істотнае пра гомасэксуальнасьць не ад гомасэксуалаў. Пералік інстытутаў і галасоў, якія бяруць удзел у дыскусіі пра ЛГБТ, у вызначэньні нашай ідэнтычнасьці, у скіраваньні ці нават правакаваньні нас на тыя ці іншыя ўяўленьні, жаданьні і паводзіны, вельмі доўгі. Тут і сям'я, і школа, і ўрад, і субкультура начных клюбаў, і мэдыцына. Адзін з найбольш выразных, пасьлядоўных і правакавальных галасоў належыць цэрквам, і ў першую чаргу - іх афіцыйным прадстаўнікам.

Любі грэшніка, ненавідзь грэх?

Звычайна высокія царкоўныя служкі тлумачаць сваё нэгатыўнае стаўленьне да геяў клопатам пра малалетніх, пра істытут сям'і, пра маральнае здароўе ўсяго грамадства, аб прадаўжэньні роду, нават - клопатам пра дабрабыт саміх геяў. Як правіла, адна зь дзьвюх парадыгмаў праяўляецца ў гэтых разважаньнях: гомасэксуальнасьць як вычварэнства або гомасэксуальнасьць як хвароба. Часта яны пераплятаюцца ў тых самых вуснах. Вычварэнства наклікае на сябе пакараньне і адасабленьне: грамадства ратуецца ад яго крыміналізацыяй і пазбаўленьнем падставовых правоў "вычварэнцаў". Дыскурс хваробы гучыць на першы погляд менш гвалтоўна, бо яго прыхільнікі спрабуюць адрозьніць арыентацыю ад паводзінаў. Сама арыентацыя або схільнасьць, як часта пра гэта гавораць, - не віна чалавека, хоць і ня можа быць апраўданьнем полавых стасункаў, якія кваліфікуюцца паняцьцямі ненатуральных паводзінаў і граху. Да гомасэксуалаў тады трэба ставіцца як да людзей, якім патрэбная дапамога і спачуваньне, а не пакараньне.

Пасьлядоўнае вучэньне на гэты конт - даволі позьняя зьява. Напрыклад, Каталіцкая Царква пачала фармуляваць яго толькі ў 70-я гады мінулага стагодзьдзя. Сучасны Катэхізм Каталіцкай Царквы прысьвячае гомасэксуальнасьці тры абзацы ў кантэксьце пакліканьня да цнатлівага жыцьця. У іх гаворыцца пра тое, што гомасэксуальная прыхільнасьць прымала розныя формы цягам стагодзьдзяў і ейны генэзіс застаецца збольшага нявытлумачаным. Традыцыя, аднак, - сьцьвярджае катэхізм, - заўсёды бачыла аднаполыя сэксуальныя стасункі абсалютна беззаконнымі - у сэньсе таго, што яны пярэчаць натуральнаму праву (іншымі словамі - уладкаваньню й парадку створанага сьвету). Паводле Катэхізму, да людзей з аднаполай прыхільнасьцю трэба ставіцца з павагай, спачуваньнем і тактам і пазьбягаць праяваў несправядлівай дыскрымінацыі. Саміх жа гомасэксуалаў Каталіцкая Царква заклікае да сэксуальнага ўстрыманьня.

Здавалася б, параўнальна станоўчы, шчодры дакумэнт. Але гэта толькі шкілет, да якога потым дадаваліся і дадаюцца іншыя тканкі. У выніку, каталіцкая іерархія ў некалькіх краінах, у т.л. у ЗША, лабіравала забарону на пэўныя прафесіі па прыкмеце сэксуальнай арыентацыі, пасьлядоўна і па ўсім сьвеце намагаецца блякаваць спробы наданьня легальнага статусу грамадзянскім партнёрствам і сьвецкім сужонствам, а таксама правоў на адопцыю дзяцей аднаполымі партнёрамі і сужонкамі. Такія абмежаваньні ў грамадзянскіх правох многія тэарэтыкі і практыкі каталіцкага вучэньня ўважаюць за прымальную, "справядлівую" дыскрімінацыю.

Мне сустракаліся людзі, якія шчыра верылі, што мадэль паталягізацыі гомасэксуальнасьці дае магчымасьць справядліва і спачувальна ставіцца да геяў, што гэта лепшае, што яны маглі б нам прапанаваць. Праблема ў гэтым выпадку, аднак, непазьбежная - маральная паталягізацыя нейкай зьявы заўсёды вядзе да сістэматычнай стыгматызацыі і маргіналізацыі таго, каго ўважаюць за хворага. Напрыклад, нягледзячы на прыгожыя словы пра недапушчальнасьць несправядлівай дыскрымінацыі гомасэксуалаў, каталіцкія школы ў той жа самай Брытаніі бездапаможныя ў выпадку гамафобскіх зьдзекаў, ад якіх пакутуюць многія тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак, якія часта нават ня ўпэненыя ў сваёй арыентацыі. Гэта канкрэтны прыклад таго, як паталягізацыя пэўнай формы чалавечага жаданьня робіць людзей і грамадзтва няздольнымі клапаціцца і ратаваць канкрэтных асобаў. Старажытны хрысьціянскі прынцып "любі грэшніка, ненавідзь грэх" не працуе ў такім складаным соцыюме, у якім жывем мы цяпер.

Вока за вока

Геі адплочваюць арганізаваным рэлігіям той самай манэтай: нэгатыўным, а часта варожым стаўленьнем і катэгарычным адмаўленьнем таго, што рэлігія можа адыгрываць станоўчую ролю ў жыцьці гомасэксуалаў. Пітар Татчэл - бадай, найбольш знакаміты з жывых гей-актывістаў, - сказаў аднойчы, што "Біблія для геяў - тое самае, што "Майн Кампф" для габрэяў, гэта тэорыя і практыка гома-галакосту".

І хоць большасьць гей-актывістаў не падпісаліся б пад падобнымі выказваньнямі, стратэгія некаторых ЛГБТ арганізацый скіраваная ня толькі на ўмацаваньне сьвецкага характару грамадзянскіх інстытутаў і адзьдзяленьня рэлігіі ад дзяржавы, але нават на маргіналізацыю рэлігійных інстытутаў у грамадскім жыцьці. Сьвецкі характар дзяржавы, безумоўна, трэба вітаць. Шлюб, адукацыя, армія, праваахоўная і судовая сістымы і г.д. - - усё, што стварае сэкулярнае грамадзтва, - павінны быць па-за кантролем цэркваў. Але гэта ня значыць, што ўсе праявы сацыяльнага жыцьця павінны быць па-за рэлігійным уплывам. Вера, у тым ліку рэлігійная вера, - адна з аўтэнтычных праяваў чалавецкасьці, пэўны інстынкт. Носьбіты веры маюць такія ж правы, як і тыя, хто ня верыць ні ў што канкрэтнае, хто ня ведае ці сумняецца, або хто верыць у адсутнасьць бога. Гейская супольнасьць на захадзе з вялікай цяжкасьцю ўспрымае гэтыя роўныя правы веруючых. Як любая іншая сацыяльная група, ЛГБТ супольнасьць мае свае інтэрналізаваныя міты і стэрэатыпы, якія ў значнай ступені - прадукты супрацьстаяньняў і змаганьняў, у якія супольнасьць ўцягвалася у той ці іншай форме. У ЛГБТ супольнасьці ёсьць свае традыцыйныя ворагі і арганізаваная рэлігія - адзін з улюбёных. Многія аргумэнты супраць гэтых ворагаў выклікалі б моцны дыскамфорт у геяў і лесьбіянак, калі б былі скіраваныя супраць нас саміх.

Адзін мой сябра сказаў, што ў наш час прасьцей сказаць, што ты гей, чым тое, што ты верыш і практыкуеш сваю веру. Гэта брытанскія рэаліі, не беларускія. Але яны ілюструюць зьяву, каторая непазьбежна закране ўсіх нас рана ці позна: ахвярай гейскай рэлігіяфобіі будзе сама ЛГБТ супольнасьць, а яшчэ больш - тыя квіры, хто ніколі не пагодзяцца ці не асьмеляцца прамяняць сваю рэлігійную супольнасьць на супольнасьць ЛГБТ. Чым больш я сталею, тым часьцей я сустракаю такіх людзей. Магчыма таму, што менш баўлю часу ў гей-клюбах, а больш - на гейскіх сайтах знаёмстваў. Сама зьява такіх сайтаў заслугоўвае дасьледваньняў, але калі вельмі хутка крануць тэму, заўважу, што значная частка іх наведвальнікаў - т.зв. схаваныя, каморныя геі. І тое, што дзеецца на Qguys, зусім не ўнікальнае - на GayRomeo (германскі сайт) і Gaydar (брытанскі і амерыканскі сайт) колькасьць каморных геяў таксама вельмі значная. Ніхто ня ведае нават прыкладна, як шмат людзей з аднаполай прыхільнасьцю ніколі не ідэнтыфікуюць сябе з геямі і ЛГБТ супольнасьцю. Значны працэнт такіх людзей практыкуюць рэлігію і прыналежнасьць да рэлігійнай супольнасьці зьяўляецца адным з самых істотных аспэктаў іх жыцьця. Міжволі прыгадваецца айзьберг, дзе бачная частка куды меншая за тую, што схаваная ў вадзе. Думка пра тое, што нашае змаганьне ў выніку закране значна больш людзей, чым мы можам бачыць цяпер, павінна прымушаць нас быць крытычнымі да саміх сябе, асьцярожнымі ў рэзкіх словах і як мага больш адкрытымі на розныя праявы чалавечага быцьця.

Аўтар артыкулу: Ігар Іваноў

facebook livejournal twitter youtube rutube vkontakte