Сёння 9 лютага
Грамадзтва

Пераадоленьне гамафобіі: стэрэатыпы гомасэксуальнасьці

Пераадоленьне гамафобіі: стэрэатыпы гомасэксуальнасьці

Гартаючы прэсу, а таксама гойсаючы ў Інтэрнэце, увесь час сустракаеш артыкулы пра агрэсію супраць геяў. Безупынна пераконваешся ў тым, што ў беларускім грамадзтве адсутнічае нават прымітыўнае паняцьце талерантнасьці. Нават калі абсалютная бальшыня беларусаў не прымае ўдзелу ў актах агрэсіі супраць геяў, іх абыякавасьць можна трактаваць як маўклівую згоду на праявы гвалту.

Таксама пераконваешся ў гераічнасьці беларускіх геяў! Сёньня быць чалавекам у Беларусі — справа складаная, тым больш чалавекам гомасэксуальным. Як бы сьмешна ні гучала, але ж сёньня быць геем у пэўнай ступені таксама цяжка, як быць шахцёрам. Сёньняшнія геі выконваюць надзвычай важную сацыяльную працу, хоць яна і ніяк ня ўлічваецца, не аплачваецца й не ўзнагароджваецца.

Яны штодзённа сутыкаюцца зь неразуменьнем, зьдзіўленьнем ці нават нянавісьцю. Проста кажучы, з гамафобіяй.

Стэрэатыпы гомасэксуальнасьці

Пачварны, карыкатурны вобраз гомасэксуала ў некаторых краінах пакрысе саступае месца бачаньню гомасэксуальнасьці як нечага нармальнага, звычайнага. Сацыёлягі кажуць пра “баналізацыю гомасэксуальнасьці”. Гэта працэс, зь якім і ў якім жывуць заходнія эўрапейцы: ані пацалункі паміж мужчынамі, ані абдымкі жанчынаў у рэкляме, ані гомасэксуальнасьць пратэстанцкіх пастараў і пастарак, ані права пабрацца гамашлюбам больш не шакуюць галяндцаў ці швэдаў.

Геі абраныя мэрамі Парыжу і Бэрліна. На ТБ створаныя праграмы для гейнай і лесьбійскай публікі. Карацей, пачаўся працэс прызвычайваньня да гомасэксуальнасьці. Безумоўна, яшчэ далёка да поўнай і абсалютнай нармалізацыі, бо паралельна зь лібэралізацыяй нораваў паўстала праблема гамафобіі. Тым ня менш, назіраюцца гіганцкія зьмены ў галіне роўнасьці сэксуальнасьцяў. Калі ў XIX — XX стагодзьдзях чалавецтва турбавала гэтак званае “жаночае пытаньне”, роўнасьць паміж жанчынамі й мужчынамі, XXІ стагодзьдзе ператвараецца ў арэну змаганьня за роўнасьць сэксуальнасьцяў.

Наша краіна пакуль не паказвае прыкметаў разбурэньня стэрэатыпаў і мітаў вакол гомасэксуальнасьці. Мэра–гея ці мэркі–лесьбіянкі пакуль няма ні ў Менску, ні, пагатоў, у Віцебску. Пакуль не відаць вясёлкавага сьцяга на гарадзкіх ратушах. Пакуль аніводны беларускі сьвятар не прызнаўся ўва ўласнай гомасэксуальнасьці. Таму нам яшчэ далёка да бурлівых зьменаў на шляху да нармалізацыі ці баналізацыі гомасэксуальнасьці.

Наадварот, як афіцыйны дыскурс, так і пабытовы (размовы на вуліцах, на кухні) насычаныя дзікунскімі стэрэатыпамі што да гомасэксуальнасьці. Іх нагэтулькі шмат, што апісаць і клясыфікаваць усе не выпадае. Паспрабуем, тым ня менш, зьвярнуць увагу на асноўныя.

1. Міт аб прымітыўнай сэксуальнасьці геяў і лесьбіянак

У беларускай мове гэты міт абслугоўвае своеасаблівы вобразны шэраг. Бальшыня маіх суразмоўнікаў зь Беларусі, зь якімі мне давялося размаўляць аб гейным пытаньні, лічаць, што мэта гомасэксуальнай асобы палягае ў “пошуку сракі” і/ці “пошуку чэлеса”. Адна кабета наагул заўважыла: “Барані божа выбраць у дэпутаты гомасэксуаліста, ён будзе толькі выглядаць прыгожых мужчынаў. Ён ня будзе думаць пра бюджэт, а толькі пра сраку”.

Памылкова лічыцца, што гомасэксуальнасьць падобная да жывёльнай сэксуальнасьці: хуткая, без пачуцьцяў, будуецца хіба толькі на часовым фізычным жаданьні. Ідэя рамантычнага гомасэксуальнага каханьня цалкам ігнаруецца.

Пэўныя пісьменьнікі малююць гомасэксуальнасьць выключна ў чорных фарбах. Іх творы навязваюць панятак “чорнай”, “вульгарнай” альбо “брутальнай” гомасэксуальнасьці. У Францыі гэтую плынь прадстаўляе Жан Жэнэ, у сучаснай Расеі — Яраслаў Магуцін. Безумоўна, гомасэксуальнасьць турмаў, прыбіральняў і спэцыяльных бараў мае месца, але ж застаецца адным з шматлікіх вобразаў сэксуальнасьці гэтак званай сэксуальнай меншыні.

Апошнім часам дасьледнікі гомасэксуальнасьці сьцьвярджаюць, што лад жыцьця велізарнай часткі геяў і лесьбіянак ня надта адрозьніваецца ад гетэрасэксуальнага: геі ці лесьбіянкі ствараюць пары, жывуць разам, дораць адзін аднаму/адна адной кветкі. І зусім не “шукаюць сракі”, калі зьвярнуцца да ўжытага выразу.

2. Гомасэксуальнасьць/садамія

У традыцыйным уяўленьні бальшыні гомасэксуальнасьць аўтаматычна асацыюецца з садаміяй — сэксуальнай практыкай анальнай пэнэтрацыі.

Насамрэч садамія займае далёка ня першае месца сярод сэксуальных практыкаў. Напрыклад, у Францыі толькі 36 % геяў рэгулярна практыкуюць садамію. Астатнія задавальняюцца лашчаньнямі, фэляцыяй, узаемнай мастурбацыяй ці г.зв. “сьцёгнавым сэксам”. У асноўным садамія зьяўляецца сэксуальнай практыкай паміж пастаяннымі партнэрамі.

Трэба сказаць, гетэрасэксуальныя асобы таксама досыць часта практыкуюць анальную пэнэтрацыю.

3. Гомасэксуальнасьць/пэдафілія

Міт пра тое, што “гальлівы гомасэксуаліст” шукае маладога хлапчука, таксама разьбіваецца дзякуючы дасьледаваньням псыхолягаў і крыміналістаў. Расейскі дасьледнік Ігар Кон адкідае наяўнасьць якой–кольвек сувязі між гомасэксуальнасьцю і пэдафіліяй. Згодна з дасьледаваньнямі Кона, абсалютная бальшыня пэдафілаў і пэдафілак — гетэрасэксуальныя асобы, якія адчуваюць сэксуальную цягу да дзяцей, непаўналетніх асобаў.

4. Гомасэксуальнасьць/Маньяцтва

Не навіна, што патэнцыйна ўсе гомасэксуалы абвінавачваюцца ў вычварэньнях і памкненьні да гвалту. Амаль усе гучныя справы маньякаў, гвалтаўнікоў спараджаюць розгалас, пры гэтым амаль заўжды абмяркоўваецца гомасэксуальны матыў. Зноўку ж І. Кон, расейскі дасьледнік сэксуальнасьцяў, у артыкуле “Каго ж трэба баяцца ў цёмным пад′езьдзе?” на базе мэдычных дасьледаваньняў, праведзеных сярод арыштаваных гвалтаўнікоў, сьцьвярджае, што абсалютная бальшыня зь іх — гетэрасэксуалы.

5. Гомасэксуальнасьць/празэлітызм

Часта ствараецца вобраз гомасэксуаліста–місіянэра, які прапагандуе гомасэксуальны лад жыцьця, актыўна, часам нават змусам, супраць жаданьня асобы/асобаў, навязвае сябе ў партнэры. Досыць часта гэты стэрэатып трывала сядзіць у розумах нашых грамадзянаў. Абвінавачаньні геяў, і у меншай ступені, лесьбіянак у распаўсюджваньні каханьня і, галоўнае, сэксу з асобамі аднолькавага полу, у стварэньні суполак, клюбаў па інтарэсах, у выпрацоўцы вытанчаных мэханізмаў, каб загітаваць новых маладых і прыгожых асобаў на гомасэксуальны шлях, застаюцца пашыранымі і ўспрымаюцца вельмі сур′ёзна як на Захадзе, гэтак і на Ўсходзе.

У Францыі дэпутатка Крысьцін Бутэн лічыць, што легалізацыя гомасэксуальнасьці будзе азначаць легалізацыю празэлітызму. На Ўсходзе, у некаторых мусульманскіх краінах, адбываюцца суды, дзе гомасэксуалістаў абвінавачваюць акурат у папулярызацыі гомасэксуальнага ладу жыцьця.

6. Гомасэксуальнасьць/жаноцкасьць

Карыкатурны вобраз гомасэксуаліста — фэмінізаваны мужчына.

У XXI стагодзьдзі ў Беларусі ўсё яшчэ думаецца, што гомасэксуал — штучная жанчына. Што ён фарбуе вусны, вочы, носіць панчохі, жаноцкую бялізну. Што да сэксуальнасьці, дык тут няма сумневу, нібы гомасэксуал паводзіць сябе як жанчына. Як бачым, гэты стэрэатып моцна зьвязаны з паняткам сэксуальнага дэмакратызму наагул. Факт наяўнасьці двух полаў праектуе абмежаванае разуменьне сэксуальнасьцяў. Існуе стэрэатып, што роля мужчыны павінна быць актыўнаю, а жанчыны — пасіўнаю. Насамрэч усё куды складаней і інакш. Тым ня менш, гэтая “аксіёма” стварыла вобраз фэмінізаванага гомасэксуала.

7. Гей–бацькоўства “шкоднае” дзецям

Зразумела, гей–бацькоўства ў Беларусі — панятак пакуль выключна віртуальны. Марыянэтачны парлямэнт не дэбатуе на гэтую тэму. Аднак гледачы ТБ і нават, у прыватнасьці, БТ даведваюцца пра падобную рэвалюцыю на Захадзе. Два гады таму, калі Францыя прыняла закон аб квазі–шлюбах для геяў і лесьбіянак, бальшыня маіх беларускіх знаёмых перажыла фрустрацыю. У адзін голас яны закрычалі: “Бедныя дзеткі!” У заходніх краінах крытыкі гей–бацькоўства таксама спасылаюцца на неабходнасьць “абароны дзяцей”. Хрысьціянскія цэрквы змагаюцца супраць гей–бацькоўства, “шкоднага” для дзяцей.

Але ж ці “перадаецца” гомасэксуальнасьць сацыяльным шляхам? Амэрыканскія псыхолягі лічаць, што ў бальшыні дасьледаваных гомасэксуальных параў дзеці разьвіваюцца як гетэрасэксуальныя асобы.

Зрэшты, той факт, што абсалютная бальшыня сучасных геяў і лесьбіянак гадаваліся ў гетэрасэксуальных сем′ях, сьведчыць на карысьць тэзы пра мінімальны ўплыў бацькоў на сэксуальную арыентацыю дзяцей.

8. Гомасэксуальнасьць/алькагалізм, наркаманія

У адной вёсцы бабулька заявіла мне, што “храны” калі на рагах, дык сьпяць разам. Гомасэксуальнасьць, на яе думку, вынікае з алькагалізму: “П′яніцы сьпяць абы–дзе і абы з кім, от і робяць усякія дурасьці”. Таксама можна чуць, што наркаманія вядзе да гомасэксуальнасьці.

9. Гомасэксуальнасьць/СНІД

Але ж у Беларусі 80 % хворых — не гомасэксуальныя асобы, а наркаманы — сучасныя альбо ў мінулым.

Пры гэтым Міжнародная арганізацыя аховы здароўя ў справаздачы за 2001 г. адзначыла, што апошнім часам назіраецца павелічэньне росту захворваньня сярод гетэрасэксуалаў.

Навука сапраўды амаль нічога дакладна ня ведае пра паходжаньне СНІДу, таму абвінавачаньне кшталту “Гэта празь іх (гомасэксуалістаў) на сьвет зьявіўся СНІД!” выглядае гістэрычным і крывадушным.

Паводле ARCHE

Аўтар артыкулу: Уладзіслаў ГАРБАЦКІ

Рэйтынг:
 (галасоў: 2)
facebook livejournal twitter youtube rutube vkontakte