Сёння 9 лютага
Грамадзтва

Страчаны гейскі радыкалізм

Страчаны гейскі радыкалізм

На гэтых выходных спаўняецца 40 гадоў супраціву Стоўнвол у Нью–Ёрку, дзе ўпершыню ў гісторыі лесьбіянкі, геі, бісэксуалы і трансгендэры (ЛГБТ) далі адлуп пасьля дзесяцігодзьдзяў паліцэйскага перасьледу.

Раней ЛГБТ збольшага цярпелі арышты і крыміналізацыю. Усё зьмянілася ўначы на 28 чэрвеня 1969 г. У выніку звычайнага для тых часоў паліцэйскага налёту на гейскі бар Стоўнвол Ін на вуліцах пачаліся сутычкі. Працягам гэтага гістарычнага квір–супраціву было стварэньне Гейскага фронту вызваленьня (Gay Liberation Front, GLF) — спачатку ў Нью–Ёрку, а потым і ў многіх іншых амэрыканскіх гарадах. Ад гэтага моманту пачынаецца гісторыя сучаснага руху за правы ЛГБТ.

Яшчэ раней у некаторых краінах адбыліся праўныя рэформы на карысьць ЛГБТ. Таксама былі арганізацыі ўзаемадапамогі ў ЗША, Брытаніі і Нідэрляндах. Але гэта былі маленькія і напаўпадпольныя групы. Іхныя ўдзельнікі былі адважнымі першапраходцамі, але вельмі апалягетычнымі. Яны таксама збольшага хавалі сваю прыналежнасьць да ЛГБТ.

Глябальны Гейскі фронт вызваленьня стаў радыкальна іншым. Гэта было пачаткам новага часу ў квір–сьвядомасьці: момантам, калі ЛГБТ адмовіліся быць ахвярай і прасіць прабачэньне. Заместа заклікаў аб талерантнасьці — патрабаваньне безумоўнага прызнаньня. Тысячы скінулі зь сябе ланцугі гомасэксуальнай каморы. Такога раней не здаралася.

Я далучыўся да лёнданскага GLF, калі мне было 19. Нашым дэвізам было: Гей — гэта добра. Гэтыя тры словы былі рэвалюцыйнымі. Перад тым практычна ўсе — у тым ліку многія ЛГБТ, — былі перкананыя, што гей — гэта кепска, брыдка і вар′яцтва. І калі мэйнстрым грамадства разглядала гомасэксуальнасьць як праблему, мы заявілі, што сапраўднай праблемай зьяўляецца гамафобія. Стрэйтавы супрэматызм быў для нас эквівалентам белага супрэматызму.

GFL ніколі не заклікаў да роўнасьці. Нашым патрабаваньнем было вызваленьне. Роўныя правы ў межах заганнай, несправядлівай сістэмы падаваліся нам маразмам. Яны азначалі б роўнасьць на ўмовах стрэйтаў, у рамках прадвызначаных гетэрасэксуальнай большасьцю інстытутаў і законаў. Роўнасьць у рамках іх сістэмы патрабавала б ад нас вызнаньня іх вартасьцяў і ўлады — просты шлях да гейскага падпарадкаваньня і зьняволеньня, а не вызваленьня.

Цягам 40 гадоў пасьля Стоўнволу і GLF большасьць ЛГБТ адкінулі гэтае першапачатковае бачаньне: яны больш не сумняюцца ў вартасьцях, законах і інстытутах грамадства. Яны гатовыя пагадзіцца на роўныя правы дзеля захаваньня статус кво. Напрыклад, брытанскі ЛГБТ рух пагадзіўся на мінімальны ўзрост легальнага сэксу — 16 гадоў, — і заплюшчыў вочы на крыміналізацыю маладзейшых геяў і стрэйтаў. Няўжо ў падлеткаў няма сэксуальных правоў чалавека?! Роўнасьць ім нічога ня дала. Яны атрымалі роўнасьць у несправядлівасьці.

Калі ў свой час GLF разглядаў шлюб і сям′ю як патрыярхальнае зьняволеньне кабетаў, геяў і дзяцей, сёньняшні ЛГБТ рух без каліва сумненьняў выступае за аднаполыя шлюбы і сем′і. Ён успрыняў традыцыйныя гетэрасэксуальныя памкненьні за свае ад дошкі да дошкі. Якая іронія! У той час, калі гетэрасэксуальныя пары адварочваюцца ад шлюбу, аднаполыя пары сьпяшаюцца заняць іхнае месца (добры прыклад таму нядаўняе змаганьне за права на шлюб у амэрыканскай Каліфорніі). Няўжо квіры сталі новымі сацыяльнымі кансэрватарамі?

Зразумейце мяне правільна: я супраць забароны на аднаполыя шлюбы. Гэта гамафобная дыскрымінацыя. На жаль, большая частка брытанскага ЛГБТ руху занадта далікатная, каб патрабаваць роўнасьці ў шлюбе. Яна сьціпла пагадзілася на грамадскія партнёрствы заместа цывільнага шлюбу. Калі б урад забараніў чорнаскурым уступаць у шлюб і прапанаваў ім узамен грамадскія партнёрствы, на нашых вуліцах былі б паўстаньні. Грамадскія партнёрствы — гэта сэксуальны апартэід.

Дэрадыкалізацыя ЛГБТ супольнасьці сьведчыць пра вялізную страту упэўненасьці й аптымізму. Яна спакусілася на палітыку канфармізму, рэспэктабельнасьці і памяркоўнасьці. Як шкада! GLF у свой час наважыўся ўявіць, якім грамадства магло б быць, а не пагаджацца на тое грамадства, якім яно ёсьць. І нам варта паспрабаваць зрабіць тое самае.

Пераклад з ангельскай на беларускую зроблены блогерам nieszczarda

Паводле Guardian

Аўтар артыкулу: Пітэр Тэтчэл

Рэйтынг:
 (галасоў: 1)
facebook livejournal twitter youtube rutube vkontakte